Навіны на першай

Косці памерлых пад нагамі. Кім былі людзі, пахаваныя на старых яўрэйскіх могілках у Радашковічах

Больш за 230 гадоў існуюць яўрэйскія могілкі ў Радашковічах. Аб гэтым сведчыць надпіс на адным з надмагільных камянёў, якія называюцца мацэвамі.

Т(ут) п(ахаваны)
равін
выбітны
і знакаміты
н(астаўнік наш) і (вучыцель) Іцхак
с(ын) п(ана) Шмуэля,
які памёр 6-га
нісана
548 (году) п(аводле) с(карочанага) л(іку)

Як растлумачыў перакладчык, пісьменнік і стваральнік Адкрытага прыватнага архіва дакументаў па гісторыі Магілёва Давід Лісоўскі, які зрабіў пераклад надмагільных надпісаў з іўрыта, 548 год паводле скарочанага ліку азначае, што дата пазначана без указання тысячагоддзя, бо яно лічыцца зразумелым і без таго. Па звыкламу нам летазлічэнню 6 нісана 5548 года ад стварэння свету - гэта 13 траўня 1788 года. У надпісах, якія былі перакладзены, згадка гэтай даты - самая даўняя. Верагодна, ёсць куды больш даўнія.

Калі ў вас ёсць магчымасць зрабіць якасныя здымкі тэкстаў, у тым ліку і тых частак, якія схаваныя пад травой і глебай, калі ласка, дашліце ў наш telegram-бот @RadaskovichyBot.



Як жылі радашковіцкія яўрэі XVIII - пачатку XX стагоддзя. Факты


Прыводзім урыўкі з частак будучай кнігі "Па слядах яўрэйскіх пахаванняў. Радашковічы" беларускага і ізраільскага гісторыка, спецыяліста па гісторыі яўрэяў у Беларусі Леаніда Смілавіцкага.

  • Першае пісьменнае апісанне яўрэйскага жыцця Радашковічаў датуецца прыкладна канцом XVIII стагоддзя. Яго пакінуў равін Шлома Давід, які тады ўзначальваў мясцовую йешыву - школу паглыбленнага вывучэння Торы, дзе звычайна навучаліся падлеткi 14-20 гадоў. Равіну вельмі падабалася пісаць кароткія заўвагі на палях тэкстаў, якія ён вывучаў. З іх, напрыклад, можна даведацца, што ў часы Кацярыны Вялікай Радашковічы былі квітнеючым горадам. У нейкі момант быў агучаны план будаўніцтва буйной аўтамагістралі, якая злучала б Вільню, Менск і Смаленск. Гэтая шаша павінна была праходзіць праз паўночны край горада. З аднаго боку, гэта прынесла б Радашковічам вялікую эканамічную выгаду, а з другога - прарэзала б яўрэйскія могілкі. План будаўніцтва, як мы ведаем, так і не ажыццявіўся.
  • У1765 г. у кагале налічвалася 455 плацельшчыкаў падушнай подаці. 
  • Згодна з рэвізіяй 1847 года "Радашковіцкая яўрэйская абшчына" налічвала 1701 душу, у 1857 г. — 683. Па перепісу 1897 года ў Радашковічах жыло 1519 яўрэяў, што складала 58% усіх жыхароў горада. У 1910 годзе — 1175 яўрэяў (26,3%), у 1915-м — 1207, у 1921-м — каля 1200 яўрэяў.
  • У 1857 годзе яўрэі Радашковічаў маліліся ў чатырох сінагогах. Адны з іх былі прыхільнікамі Хабада, другія - прыхільнікамі хасідаў з Койданава.
  • У1891 годзе ў Радашковічах здарыўся пажар, які знішчыў нямала яўрэйскіх дамоў разам з сінагогай.
  • У1910 годзе тут працавала двухкласнае казённае яўрэйскае вучылішча з жаночай зменай.
  • У 1914 годзе яўрэям належалі адзіны ў горадзе склад аптэчных тавараў і 42 лаўкі, у тым ліку 15 бакалейных, 7 мануфактурных, 4 піўныя, 2 абутковыя (што да нашага часу захавалася ад былой мясцовай магутнай яўрэйскай культуры, чытайце ў наступнай публікацыі).
  • Яўрэйскія купцы арганізавалі вываз зерня і леса, якія яны прадавалі ў Германію і Венгрыю.


Сведкі часоў, пададзеных вышэй у куцых фактах, пахаваныя на яўрэйскіх могілках, якія зараз, будзем шчырымі, у занядбаным стане.

Аднак чытаем далей.

Першапачаткова гэтая мацэва не была круглай. Верагодна, "гаспадарлiвыя" радашкоўцы некалі яе абрубiлi i зрабiлi жорн цi тачыльны камень. А пазней камень зноў апынуўся на могілках. Праўда, падобна да таго, што яго зноў прыладжвалі пад нейкія патрэбы. Але гэта ніяк не адмяняе той факт, што надмагілле, магчыма, - адзінае, што засталося пасля чалавека.
Тут пахаваная
сціплая жанчына
Цыра дачка г-на...
(далей адламана)

Паабапал зоркі: "Стэла памяці”.
Унутры зоркі: “Т(ут) п(ахаваны)”.
- Далей ідзе вершаваная эпітафія, дзе першыя літары радкоў складаюць імя нябожчыка: Мошэ-Агарон (сын Іцхака). Каб неяк літары трохі вылучыць крэйдай, можна было б верш дакладна перакласці, - каментуе перакладчык. - Прозвішча ў прамакутніку ўнізе, нажаль, не чытаецца, не хапае трохі рэльефу літарам, і яны зьліваюцца з фонам. Імя заканчваецца на “...ман”. У самым нізе: "памёр 20-га мархешвана 681 п(аводле скарочана ліку)". Гэта 1 снежня 1920 года.

Пазначаная дата смерці - 3 красавіка 1928 года.
Паабапал меноры: "Стэла памяці".
Бліжэй да меноры: "Т(ут) п(ахаваная)"
Наша дарагая і мілая маці,
жанчына сьціплая і важная
Гінда
Дачка п(ана) Боруха, в(ечнай) п(памяці),
жонка п(ана) Шымана-Давіда
Цэрцінс,
памёрла ў 13 дзень мес(яца) нісана
688 году п(аводле скарочанага ліку), н(яхай) д(уша яе) б(удзе увязаная) у (вузел) Ж(ыцця).


Пазначаная дата смерці - 29 чэрвеня 1926 года.
Т(ут) п(ахаваны)
наш тата, карона нашай галавы,
чалавек цэльны на ўсіх сваіх шляхах,
п(ан) Захар’ягу-Міхл
с(ын) п(ана) Мошэ, б(лаславеннай) п(амяці)
Капылёвін (альбо Капіловін)
па(мёр) сямнаццатага тамуза
686 года п(аводле скарочанага ліку) на
52-м годзе свайго жыцьця н(яхай) д(уша яго) б(удзе увязаная) у (вузел) Ж(ыцця).


Пазначаная дата смерці - 22 чэрвеня1930 года.
Т(ут) п(ахаваная)
наша маці, вянец і прыгажосьць нашай галавы,
жанчына сьціплая і важная
Шэйна-Доша
Рубіна
дачка п(ана) Іцхака Файнберга,
памёрла 26 сівана
690 года п(аводле скарочанага ліку)
на 46-м годзе свайго жыцьця
н(яхай) д(уша яе) б(удзе увязаная) у (вузел) Ж(ыцьця).


Пазначаная дата смерці - 9 лютага 1931 года.
Т(ут) п(ахаваная)
Далей вершаваная эпітафія, дзе першыя літары радкоў складаюцца ў імя нябожчыцы Гітл:
Вяліка страта, нічога не засталося,
Прыгажосьць яе скончылася і ператварылася ў горач,
Добрая сэрцам і чыстая душой,
На 36 годзе забраная ў нас:
Гітл Рубіна
дачка п(ана) Якава Грынтфэхта
жонка п(ана) Йосафа Рубіна
памёрла 22-га швата
691 года п(аводле скарочанага ліку) н(яхай) д(уша яе) б(удзе увязаная) у (вузел) Ж(ыцьця).


Пазначаная дата смерці - 1 траўня 1932 года.
Т(ут) п(ахаваная)
наша дарагая маці,
жанчына сьціплая і Б(огабаязная)
пані Слава
дачка п(ана) Давіда б(лаславёнай) п(амяці)
жонка п(ана) Рафаэля-Цві-Гі(рша)
Эйдэльман
памёрла 25га нісана
692 года п(аводле скарочанага ліку) н(яхай) д(уша яе) б(удзе увязаная) у (вузел) Ж(ыцьця).



Што такое вузел Жыцця?

У аснове ляжыць цытата з 1-й кнігі прарока Шмуэля, дзе расказана гісторыя пра Авігаіль, жонку Навала, - тлумачыць Давід. - Здарылася так, што Навал моцна пакрыўдзіў Давіда, які тады яшчэ не быў царом. Давід хацеў пакараць Навала, але жонка таго, Авігаіль, даведалася пра ўсё і пабегла наперад, каб супакоіць Давіда і адмовіць яго ад забойства, і прынесла ежу яго ваярам, каб яны не крыўдавалі на сквапнага і грубага Навала. Але Навал быў настолькі сквапны, што, калі даведаўся, што жонка аддала бясплатна ежу, то хваціў яго ўдар і ён памёр. Тады пасля смутку па мужу Авігаіль ідзе да Давіда і просіць узяць яе ў жонкі. І кажа вельмі моцную і глыбокую прамову, у якой гучаць такія словы на адрас Давіда (Шмуэль 1, 25:29): "і няхай будзе душа пана майго ўвязаная ў вузел Жыцьця ў П-на, Б-га твайго; а душу ворагаў тваіх няхай выкіне Ён нібыта з прашчы". Гэтая цытата з таго часу стала класічным зычаннем вечнага жыцьця. І яе пішуць на магілах, каб пазычыць душы нябожчыка стаць часткай вечнага Жыцьця каля Б-га.

Працяг будзе

Мы працягнем вывучаць надпісы на старых яўрэйскіх надмагіллях і расказваць вам пра культуру і звычаі мясцовай яўрэйскай грамады, ад якой да нашага часу дайшла, з большасці, толькі памяць. Яна годная шанавання.

Шчыры дзякуй тым радашкоўцам, якія ачысцілі ад смецця закінутую частку могілак! І не меншышчыры дзякуй тым, хто з павагай адносіцца да рэштак чалавечай памяці і не адпачывае там, дзе ляжаць косці памерлых.

Made on
Tilda